станкі для апрацоўкі драўніны і драўняных матэрыялаў рэзаннем. На іх вырабляюць загатоўкі, дэталі і вырабы зададзеных формаў і памераў з паверхняй неабходнай якасці. Падзяляюцца на станкі, якія працуюць без здрабнення драўніны (стругальныя станкі, лушчыльныя станкі, нажніцы) і якія здрабняюць частку драўніны.
Да Д.с., якія працуюць са здрабненнем часткі драўніны, адносяцца: пілавальныя (лесапільныя рамы, стужачнапільныя станкі, круглапільныя станкі), фрэзерныя станкі (у т. л.фугавальныя станкі, рэйсмусавыя станкі, шыпарэзныя станкі), свідравальныя станкі, даўбёжныя станкі, шліфавальныя станкі, такарныя станкі, акорвальныя і драбільныя. Адрозніваюць Д.с. адна- і многашпіндэльныя; нізкай, сярэдняй, высокай дакладнасці і асабліва дакладныя; агульнага прызначэння, спецыялізаваныя і спецыяльныя. На Беларусі Д.с. і інш.дрэваапрацоўчыя машыны выпускаюцца мінскімі ВА па выпуску аўтам. ліній, працяжных і адразных станкоў, Баранавіцкім з-дам аўтам. ліній, Гомельскім і Аршанскім станкабуд. з-дамі, Віцебскім з-дам заточных станкоў і інш.
А.А.Барташэвіч.
Функцыянальныя схемы дрэварэзальных станкоў: а — стужачнапільнага (1 — дыск, 2 — стужачная піла); б — круглапільнага (1 — пільны дыск, 2 — дэталь); в — рэйсмусавага (1 — нажавы вал); г — лушчыльнага (1 — цурбак, 2 — шпона, 3 — нож); д — 4-баковага стругальнага (1 — нажавыя галоўкі, 2 — нажавыя валы); е — свідравальнага; ж — шыпарэзнага (1 — фрэзы), з — шліфавальнага з кантактным прасікам (1 — дэталь, 2 — прыціскны прасік, 3 — шліфавальная стужка); і — шліфавальнага з кантактным вальцам (1 — шліфавальная стужка, 2 — дэталь).